Германія зацвердзіла план па абароне клімату

Федэральны ўрад Германіі зацвердзіў «План па абароне клімату-2050». Дакумент прадугледжвае адмову ад вугальнай энергетыкі, скарачэнне выкідаў парніковых газаў і іншых шкодных адыходаў і пераход на альтэрнатыўнае паліва.

08.12.2016 Вакол свету Аўтар: Зялёны партал Крыніца: Germania-online.ru Фота: twitter.com

Нацыянальная кaнцэпцыя абароны клімату, зацверджаная ў лістападзе 2016 года кабінетам міністраў, усталёўвае да 2050 года больш жорскія нарматывы ў розных сектарах экономікі, навукі і грамадства. Да 2030 года Германія як мінімум на 55% (у параўнанні з паказчыкам 1990 года) павінна скараціць выкіды парніковых газаў, а да 2040 года — не менш чым на 70%. Такім чынам краіна стане першай, хто рэалізуе ўмовы Парыжскага пагаднення па клімаце, што было прынята ў снежні 2015 года.

На справе план азначае, што інвестыцыі ў састарэлыя энерганосьбіты і ў звязаныя з імі працэсы перапрацоўкі будуць ажыццяўляцца толькі ў выключных выпадках, калі, напрыклад, не існуе тэхналагічных магчымасцей і фінансава адэкватнай альтэрнатывы. Пры будаўніцтве дамоў павінны выкарыстоўвацца сучасныя тэхналогіі ізаляцыі, а газавыя і масляныя сістэмы ацяплення і гарачага водазабеспячэння будуць замененыя. Пасажырскі і грузавы транспарт, як аўтамабільны, так і чыгуначны, водны і авіяцыйны, будзе пераведзены на альтэрнатыўнае паліва, для чаго неабходна распрацоўка новых тэхналогій для вырабу рухавікоў.

Адпаведна ўхваленай канцэпцыі, да 2050 года Германія амаль што поўнасцю адмовіцца ад вугальнай энергетыкі, а электраэнергія будзе вырабляцца з альтэрнатыўных крыніц. Пераход на «чыстую» энергетыку павінен, у сваю чаргу, садзейнічаць у будучыні і стварэнню новых працоўных месцаў у эканамічна дэпрэсіўных регіёнах.

Дзяржаўны «План па абароне клімату-2050» вызначае асноўныя вехі грунтоўнай перабудовы ў эканоміцы і грамадстве. Размова ідзе пра будучыню энергетычнага комплексу, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, транспартнай сістэмы і будаўніцтва. Ва ўсіх названых сектарах традыцыйныя крыніцы энергіі будуць замененыя на альтэрнатыўныя. У дакуменце падкрэсліваецца, што альтэрнатыўная энергетыка і энергаэфектыўнасць стануць у будучыні стандартам, калі размова ідзе аб інвестыцыях. Для паспяховага правядзення маштабнай рэструктурызацыі трэба распрацаваць і пачаць выкарыстоўваць інавацыйныя і эфектыўныя тэхналогіі.

«Я ўпэўненая, што мы здолеем да 2050 года ў значнай меры нейтралізаваць вылучэнне парніковых газаў, — так пракаментавала ўрадавае пагадненне федэральны міністр аховы навакольнага асяроддзя Барбара Хендрыкс (Barbara Hendricks). —  Гэта, безумоўна, магчыма нават з улікам тых кампрамісаў, якія мы дасягнулі. Я веру ў тое, што нас чакае многа тэхналагічных адкрыццяў, аб якіх мы пакуль што і не падазраём».

Пад кампрамісамі міністр, у прыватнасці, мае на ўвазе тыя саступкі, на якія ўраду прыйшлося пайсці, каб дагадзіць прамысловасці.

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 08.12.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.