«Мабільнасць – гэта не толькі транспарт, а камфортнасць жыцця ў горадзе для ўсіх людзей». Як беларускія гарады набліжаюцца да ўстойлівай мабільнасці транспарту

Сёлета 65 беларускіх гарадоў прымуць удзел у Еўрапейскім тыдні мабільнасці (ЕТМ) – міжнароднай інфармацыйнай кампаніі, якая пройдзе 16 па 22 верасня і мае на мэту зрабіць жыццё гараджан больш камфортным і экалагічным.

Зялёны партал распытаў кіраўніка праекта ПРААН/ГЭФ «Падтрымка зялёнага горадабудаўніцтва ў малых и сярэдніх гарадах Беларусі» Ірыну Усаву аб тым, якія мерапрыемствы пройдуць у рамках ЕТМ і што замінае мясцовым уладам рабіць рэгіёны больш экалагічнымі.  

– Ірына, якая задача ў гэтым годзе стаіць перад арганізатармі ЕТМ?

Мы асабістых мерапрыемстваў сёлета не планавалі. Таму што асноўная наша задача – падтрымаць гарады,каб яны ініцыявалі ад сябе пэўныя рашэнні і запланавалі удзел у тыдні мабільнасці (распрацавалі планы на кожны дзень, на Дзень без аўтамабіля, які пройдзе 22 верасня, паднялі тэму мабільнасці ў сваіх гарадах.  Мы радыя, што ў у гэтым годзе адгукнуліся 65 удзельнікаў – гэта больш, чым у мінулым рэкордны годзе. Зараз Беларусь па колькаснаму паказчыку знаходзіцца на 8 месцы сярод краін, якія зарэгістраваліся ЕТМ. Я лічу, што гэта сапраўды добры вынік, бо ён паказвае, што тэмы мабільнасці і ўстойлівага транспарта становяцца дыскусійнымі для гарадскіх адміністрацый. На іх звяртаюць увагу.

– І якія мерапрыемствы запланавалі на тыдзень мабільнасці нашыя гарады?

Галоўным чынам гэта, канешне, інфармацыйная праца – расказаць, што такое Еўрапейскі тыдзень мабільнасці, навошта ён праводзіцца і якія праблемы ў горадоў з мабільнасцю ёсць, якія меры прымаюцца для іх рашэння. Канешне, самыя распаўсюджаныя мерапрыемствы – гэта велапрабегі,  такія мерапрыемствы прасоўваюць ідэю развіцця роварнай інфраструктуры. Хачу выказаць асаблівую падзяку Мінскаму роварнаму таварыству і «Зяленай сетцы», якія заўсёды маюць магчымасць дапамагчы у рэалізацыі падобных  ініцыятыв.

Таксама плануюцца конкурсы малюнкаў: “Мабільнасць у горадзе”, “Лепшы прыпынак” і г.д.

Напрыканцы тыдня некаторыя гарады, такія,  як Полацк, напрыклад, плануюць масавы Фестываль мабільнасці, дзе будзе ўсё: і інфармацыя, тлумачэнні ад ДАІ, конкурсы на веданне правіл дарожнага руху, будзе дэманстрацыя экстрымальнага кіравання транспартнымі сродкамі, спевы і г.д.

У Навагрудку запланаваны квест па горадзе для прадстаўнікоў мас-медыя, каб паглядзець на горад іншымі вачыма.

А 3 кастрычніка мы збярэмся на канферэнцыю “Ад гарадской мабільнасці да разумнага горада”.   Дзе падвядзем вынікі ЕТМ, прадставім свой досвед і абмяркуем тыя праблемы і перспектывы, якія дазволяць зрабіць нашыя гарады “зялёнымі” і камфортнымі. Мы разлічваем, што ў мерапрыемстве будзе даволі актыўны ўдзел тых гарадскіх адміністрацый, якія прынялі ўдзел у тыдні мабільнасці ў гэтым годзе.

– Вы кажаце, што ў гэтым годзе даволі шмат удзельнікаў. З чым звязана іх актыўнасць?

– Нашы гарады, малыя і сярэднія, робяць даволі шмат, але яны сваю актыўнасць нікому не паказваюць. Удзел у ЕТМ для нас своеасаблівы брэндынг тэрыторый. Таму што гэта магчымасць на еўрапейскім ўзроўні  заявіць пра тое, чым ты кожны дзень займаешся. У нашых сустрэчах по правядзенню Еўрапейскага тыдня мабільнасці прымалі ўдзел прадстаўнікі гарадоў. Трэба адзначыць, што зараз гэта праца робіцца стыхійна і хаатычна, а неабходна стварэнне нацыянальнай палітыкі ў галіне ўстойлівай гарадской мабільнасці, для таго, каб зразумець, што гэта такое, як гэта рабіць, якія метады і падыходы трэба выкарыстоўваць нашым гарадам.

– Атрымліваецца, што гарадскія адміністрацыя самі арыентуюцца на змены?

– Так, ініцыятыва мясцовая. І мы, насамрэч, задаволеныя вынікамі, таму што ўсё новыя гарады далучаюцца да працы.  Але, трэба адзначыць, што адміністрацыі нярэдка не валодаюць дастатковай інфармацыяй. Пра ЕТМ мы спецыяльна рыхтавалі расылку і публікацыі на ўсе 118 районаў. Для таго, каб паведаміць, што гэта за ініцыятыва, што яна дае гарадам, што можна зрабіць пад час правядзення гэтай кампаніі. Праект дапамагае гарадзкім адміністрацыям з  рэгістрацыяй на сайце ЕТМ-2018.

– Што на ваш погляд замінае нашым гарадам станавіцца больш камфортнымі і экалагічнымі?

Гэта адсутнасць часу і недастатковасць чалавечага патэнцыялу. Мы ўсе ведаем пра рэарганізацыю гарадскіх адміністрацый. У людзей зараз рэальна не хапае часу для стратэгічнага мыслення. Яны заняты вырашэннем дакладных праблем у дакладным месцы. А паляпшэнне гарадской мабільнасці – гэта перспектыва, гэта бачанне для развіцця горада. Японцы, напрыклад, плануюць на 50 год, а мы в лепшым выпадку на год ці на дзесяць. Нам трэба думаць на перспектыву і закладваць аснову ўжо зараз. Акрамя адсутнасці часу і дастатковай інфармацыі – гэта і ўзровень адукацыі. Людзі не заўсёды маюць магчымасць падняць свой прафесійны узровень у галіне мабільнасці.

– Як гэтую праблему магчыма вырашыць?

Тут павінен ісці працэс і знізу, і зверху. Працэс знізу мы бачым на прыкладзе тых самых гарадоў-падпісантаў Пагаднення мэраў, якіх штогод становіцца болей. Там людзей ніхто не вучыў ні ў універсітэце, на курсах перападрыхтоўкі кадраў. У іх бюджэт распісаны на год, а не на дзесяць. Яны не маюць магчымасці планаваць свае фінансавыя выдаткі. Але і “зверху” у нас адсутнічае палітыка стратэгічнага планавання. У нас есць стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця, нейкія асобныя праграмы ў розных галінах. Але многія з іх не прывязаныя да бюджэта, некаторыя не выконваюцца. Мне падаецца, што каб стварыць гэту сістэму павінны быць узаемныя крокі.

– А як гараджане звычайна рэагуюць на ЕТМ? Ці перасаджваюцца з аўтамабіля на ровар?

– Незалежна ад таго, будзем мы рабіць роварную інфраструктуру ці не, жыхары гарадоў гатовыя сядаць на ровары. . Напрыклад, у нашых пілотных горадах Полацку і Наваполацку ў бліжэйшы час іх колькасць можа павялічыцца з 0,6% у два разы.  Калі ў рамках праекта будзе зроблена інфраструктура, гэта дасць магчымасць жыхарам больш актыўна карыстацца, і гэта лічба можа вырасці да 4-4,5% жыхароў, што мы лічым вельмі добрым паказчыкам.

Людзям у малых і сярэдніх гарадах у асноўным рухаюцца на ровары, таму што з грамадскім транспартам праблемы. І зноў жэ не забываемся, што гарадская мабільнасць – гэта і пешая хада. У Навагрудку можна прайсці з аднаго канца горада ў другі за 40 хвілін. І жыхары не лічаць, што гэта вялікая перашкода ім. 

Адзінае, што трэба адзначыць, для вырашэння любых праблем вельмі важнае партнерства. І не на прынцыпе “ты мне павінен”, а калі ў мяне есць рэсурсы і мы сумесна зможам штосьці зрабіць. Вось гэта я называю партнёрствам.

Стварэнне пляцовак для сумеснага абмеркавання праблем – гэта адзін з асноўных прынцыпаў устойлівай гарадской мабільнасці. Таму што мабільнасць – гэта не толькі транспарт, а камфортнасць жыцця ў горадзе для ўсіх людзей.


ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 17.09.2018

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.