На Яблычны Спас на Шаркаўшчыне завіталі госці з 9 краін свету

Напэўна, няма на Беларусі такога кутка, які не праславілі б яго жыхары. Шаркаўшчынская зямля — не выключэнне. Сярод слынных людзей, малой радзімай якіх з’яўляецца Шаркаўшчына, ёсць той, хто шмат зрабіў не толькі пры жыцці. Ужо каторы год імя вядомага селікцыянера Івана Сікоры збірае ў вёсцы Алашкі Шаркаўшчынскага раёна гасцей на Яблычны Спас. Прычым едуць адусюль — з ваколіц, вобласці, з-за мяжы.

23.08.2016 Грамадства Аўтар: Алёна Лапацкая Фота: Алёна Лапацкая

На фота — намеснік начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела адукацыі спорту і турызму Наталля Арэшкава

 

Іван Паўлавіч Сікора нарадзіўся 19 верасня 1885 года ў в. Алашкі Малыя былога Браслаўскага павета Віленскай губерніі ў непісьменнай шматдзетнай сям’і. З дзяцінства вельмі любіў прыроду, захапляўся чытаннем кніг і развядзеннем раслін, на што ўсе паглядалі як на дзівацтва. Тым не менш сваёй любімай справе — садаводству Іван Сікора прысвяціў усё жыццё. У малых Алашках, дзе, урэшце рэшт, Іван Паўлавіч знайшоў сталы прытулак, ён ставіў доследы па садоўніцтву, распрацоўваў і прымяняў новыя метады лячэння старых дрэў, выводзіў новыя сарты бэзу, руж, ляшчыны, грушы, яблыкаў. 15 красавіка 1941 года на базе сада Сікоры быў адкрыты Паўночны апорны пункт беларускай плодаагародніцкай станцыі, дзе ён працаваў амаль да канца свайго жыцця. У садзе Сікоры прайшлі апрабацыю звыш 500 сартоў яблынь, больш чым 100 сартоў груш, 500 сартоў агрэсту. Вяршыняй яго селекцыйнай дзейнасці стаў яблычны гібрыд №1337, які пасля смерці аўтара атрымаў назву «Памяць Сікоры».

Сімвал Шаркаўшчыны

Шаркаўчына абрала сваім сімвалам яблык невыпадкова. Таму не дзіўна, што галоўнае «яблычнае» свята года святкуюць менавіта тут. Разгарнулася яно ў невялікай вёсачцы, якая, відавочна, такую колькасць людзей бачыць раз у год. Іншага раскладу проста не вытрымалі б яе вузенькія вулачкі і сціплыя нешматлікія жыхары. Нягледзячы на аддаленасць Малых Алашак ад раённага цэнтра і ўсе звязаныя з гэтым нязручнасці, арганізатары пастараліся зрабіць свята максімальна камфортным і цікавым  для гасцей.

Вуліца, на якой жыў Іван Сікора

Па словах намесніка начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела адукацыі спорту і турызму Наталлі Арэшкавай, на свяце прысутнічалі каля 1500-1600 гасцей, што некалькі менш, чым чакалася. Арганізатары гатовыя былі прыняць не менш як 2000 турыстаў. Мяркуецца, што такую сітуацыю можна растлумачыць умовамі надвор’я. Доўгачаканае сонца дазволіла нарэшце жыхарам раёна працаваць на прыватных палетках. Як кажуць у народзе: «Было не да свята». Таму асноўная маса ўдзельнікаў — прадстаўнікі іншых рэгіёнаў Беларусі. З замежных гасцей наведалі Яблычны Спас турысты з 9 краін: Японіі Туркменістана, Украіны, Расіі, Эстоніі і іншых. Яны скарысталіся паслугамі віцебскага тураператара «Райдо Тур» і атрымалі такім чынам магчымасць бліжэй пазнаёміцца з асаблівасцямі прыроды і народных традыцый Віцебшчыны. Прысутнічалі і турысты, якія далучыліся да свята самастойна.

Урачыстае адкрыццё Яблычнага Спасу пачалося а 13-й гадзіне з фэсту. На ім па традыцыі праваслаўныя святары асвяцілі яблыкі новага ураджаю. Затым гледачам прапанавалі канцэрт мастацкай самадзейнасці Віцебшчыны і блізкага замежжа. 

 

Танцавальны калектыў з Латвіі

 

Дудар з Глыбокага

Праграма свята была насычанай і магла задаволіць любы густ. У розных кутках сікораўскага саду працавалі пляцоўкі «Вясёлыя яблычныя спаборніцтвы» .

Гульні з яблыкамі

Гульні з яблыкамі

Спартыўна-цыркавы панадворак асаблівай папулярнасцю карыстаўся ў дзяцей, якія бавілі час за гульнямі з усё тымі ж яблыкамі.

Жадаючыя мелі магчымасць наведаць музей Івана Сікоры, які размешчаны ў двух будынках, і атрымаць ад экскурсавода інфармацыю аб жыцці і дзейнасці вядомага садавода.

Музей І.П. Сікоры

​Панарама ў музеі з выявай знакамітага садавода

Хата, дзе жыў Іван Сікора, ператвораная ў музей

Дуб побач з хатай Сікоры

Побач з хатай, дзе жыў садавод, размясціўся блінны панадворак. Яго госці маглі пачаставацца ласункамі, прыгатаванымі гаспадынямі клуба нацыянальнай кухні «Груца».

Недахопу ў пачастунках на свяце не было. Супрацоўнікі дамоў культуры з розных раёнаў Віцебскай вобласці арганізавалі панадворкі, на якіх за сімвалічную плату, а вельмі часта і зусім без яе, можна было паспрабаваць народныя стравы, галоўным інгрыдыентам якіх быў, канешне ж, яблык.

Для большай часткі гасцей Яблычны Спас запомніцца як свята. Але для маладых сямей — удзельнікаў сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла», які праходзіў тут жа, — гэты дзень стаў сур’ёзным выпрабаваннем. У ім яны павінны былі паказаць сябе і руплівымі ўмелымі працаўнікамі, і артыстамі. Дзесяць сямейных пар удзельнічалі ў спаборніцтвах, дэманстравалі майстар-класы і творчыя візітоўкі, каб перамагчы ў раённым этапе конкурсу і выйсці ў абласны.

Майстар-клас па ручной вытворчасці масла

Майстар-клас па выпяканню дранікаў

Першае месца занялі Іван і Дзіяна Молакавы. Менавіта яны прадставяць раён 2 верасня на абласных спаборніцтвах сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла».

 

Сям’я Молакавых

Нельга не адзначыць і экалагічныя моманты мерапрыемства. Яны прыемна ўразілі ў параўнанні з мінулым годам. Арганізатары пастараліся і замест адзінай вясковай прыбіральні набылі і размясцілі цэлых 11. Сярод іх — тры кропкі, абсталяваныя біяпрыбіральнямі і рукамыйнікамі. Для таго, каб своечасова напоўніць рукамыйнікі вадой, неабходна было праявіць пільнасць. І гэта не заўсёды атрымлівалася, але арганізатары стараліся. У кантэйнерах і дробных сметніцах таксама не адчувалася недахопу.

Імкненне мінімальна нагрузіць навакольную прыроду назіралася і ў тым, што дарожкі для турыстаў пракасілі і пазначылі толькі ў спецыяльных месцах.

Санітарная кропка

ІНШЫЯ НАВІНЫ РУБРЫКІ

Падзяліцца: 23.08.2016

Перадрук матэрыялаў магчымы пры абавязковай наяўнасці зваротнай і актыўнай гіперспасылкі.